Паводле кітайскіх павер'яў дракон жыве ў рэках, азёрах і морах, але ён здольны таксама і лётаць. Раннюю сістэматызацыю «ведаў» пра драконаў, з крытычным заключэннем, выканаў Ван Чун (1 ст. н.э.) у трактаце «Лунхэн». Вонкава кітайскага дракона апісваюць праз пэўныя падабенствы: галава вярблюда, рогі аленя, палымяныя вочы, шыя змяі, луска карпа (лусак мае быць 81 або 117), кіпцюры арла, лапы тыгра і вушы каровы. На верхавіне галавы драконаў знаходзіцца іх найгалоўная прыналежнасць – гуз, дзякуючы якому яны могуць лётаць без крылаў. Аднак той гуз на малюнках можна ўбачыць вельмі рэдка.
Самкі кітайскіх драконаў адкладаюць яйкі, але маленькія драконы вылупляюцца з іх толькі праз тысячу гадоў. Іх нараджэнне суправаджаецца разгулам стыхіі: магутнымі метэарытнымі "дажджамі", навальніцамі і буйным градам. Драконы могуць мяняць свае формы, у тым ліку прымаць чалавечае аблічча.
Як цар жывёл, Дракон служыў сімвалам імператарскай улады. Паводле кітайскага міфа, Жоўты імператар на зыходзе жыцця ператварыўся ў дракона і ўзняўся ў нябёсы. У сапраўднага імператара павінна быць радзімка ў выглядзе дракона. Імператарскі трон многіх дынастый называўся тронам Дракона. У часы дынастыі Цін дракон упрыгожваў дзяржаўны сцяг. За нашэнне адзення з выявамі дракона звычайны чалавек падлягаў смяротнаму пакаранню.
Дзевяць сыноў дракона