Сёлета вясна ў сталіцы Паднябеснай выдалася ранняя і цёплая. Ужо даўно адцвілі магноліі і персікі – першыя прадвеснікі абуджэння прыроды, даўно буяе зялёнае лісце на дрэвах і вуліцы напоўніліся таполевым пухам. Якраз у гэтыя дні, па традыцыі, на свята першага мая абуджаецца і культурнае жыццё: праводзяцца буйныя музычныя фестывалі на вольным паветры і вялікая выстава-кірмаш мастацтва – «Арт-Пекін».
Увогуле, гэта асаблівы рух – арт-кірмашы: з аднаго боку можна сапраўды ўбачыць актуальную калекцыю сучаснага і класічнага мастацтва, лепшых прадстаўнікоў жанра, з другога – паназіраць за тэндэнцыямі на арт- рынку. І тут – цікавая акалічнасць, бо рынак – рэч непрадказальная, размова ж ідзе пра густы спецыфічнай аўдыторыі і тэндэнцыі продажаў. А ў кітайскіх пакупнікоў існуе вялікая прага ўпрыгожыць свае дамы прадметамі мастацтва, вырабамі традыцыйнага кітайскага рамяства і скульптурамі.