Вуліца Дашылань ў Пекіне
  2011-06-23 17:12:15  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

У мінулым гэта маленькая вуліца прыцягвала да сябе вялікую колькасць людзей. Да гэтага часу тут знаходзіцца кінатэатр «Дагуаньлоу», які ў 1906 годзе першым стаў дэманстраваць фільмы ў Пекіне. Тут былі адкрыты першыя пяць вядомых тэатраў, у якіх выступалі майстры Пекінскай оперы.

З поўначы да Дашылань прымыкае вузенькі завулак Мэнькуан, які славіцца сваімі пірожнымі з клейкага рысу, аладкамі і тушанай у соевым соусе баранінай. У адным з утульных рэстаранчыкаў можна пакаштаваць знакамітыя пекінскія стравы, выпіць кубачак гарачага зялёнага чаю ці кавы.

І яшчэ некалькі цікавых гістарычных фактаў. Гандлёвы раён вуліцы Цяньмэнь, да якога належыць Дашылань, неаднаразова пакутаваў ад моцных пажараў. Адзін з такіх пажараў успыхнуў вясной 1684 года. Кіраваў барацьбой з агнём асабіста імператар Кансі, падняўшыся на вежу над брамай Цяньмэнь. У маі 1900 года здарыўся яшчэ больш моцны пажар. Ён ахапіў амаль усю вуліцу Дашылань і нават перакінуўся на суседнія вулачкі. Больш за 2000 крам згарэлі, ад агню пацярпелі больш за тысячу дамоў. Дашылань, па якой мы ходзім сёння, адбудавана ўжо пасля гэтага страшнага пажару.

Аб найстарэйшых крамах на вуліцы Дашылань ходзіць шмат цікавых паданняў. Адно з іх - пра знакамітую аптэку Тунжэньтан. Гэта аптэка заўсёды славілася гаючай сілай лекаў, якія вырабляліся тут. Паводле старога рэцэпца для прыгатавання асаблівай гарачкапаніжальнай пілюлі «цзысюэдань» патрэбны былі залаты кацёл і срэбная лапатка. Дык вось, для таго каб адліць ўсё гэта, гаспадыня крамы сям'і Юе пусціла ў справу больш за сто лянаў залатых і сярэбраных сямейных упрыгожванняў (гэта прыкладна 3 кг каштоўных металаў). Вось такая гісторыя. Трэба сказаць, што ў тыя часы з пілюлямі, парашкамі і мазямі аптэкі Тунжэньтан не маглі параўнацца нават зёлкі цінскай прыдворнай лякарні. За гэта аптэка Тунжэньтан удастоілася дазволу пастаўляць свае лекі і ў імператарскі палац. У цяперашні час яе пілюлі з бычынай жоўці (Аньгун нюхуанвань), віно, настоенае на тыгровых касцях (Хугуцзю) і іншыя лекі ўжо вядомыя не толькі ў Кітаі, але і ў іншых краінах свету.

Яшчэ адна з вядомых крам вуліцы Дашылань - абутковая «Нэйляньшэн». Вось ужо шмат гадоў яна спецыялізуецца на продажы пантофлікаў, зробленых з тканіны, на шматслаёвай падэшве ручной работы. Гэты абутак вельмі лёгкі і зручны, таму на яго заўсёды ёсць попыт. І носяць такія пантофлі не толькі кітайцы. Абутковая крама Нэйляньшэн адкрыта ў 1853 годзе. Спачатку яна размяшчалася пры княжацкім двары Найцзыфу ў паўночным канцы вуліцы Ванфуцзін і спецыялізавалася на вырабе палацавых ботаў. У краме да нашых дзён захаваліся запісы з памерамі і фасонамі абутку для сваякоў імператара і чыноўнікаў. Пазней крама Нэйляньшэн «перасялілася» ў завулак Ланфантоу і пачала гандляваць пантофлікамі з тканіны. Ну і ўжо ў больш позні час яна зноў пераехала, ужо на вуліцу Дашылань, і стала прадаваць абутак для ўсіх жадаючых.

Вуліца Дашылань - сведка многіх гістарычных падзей. Многія дамы маюць патрэбу ў капітальным рамонце, шмат робіцца для іх рэстаўрацыі. На гэтай вулачцы, акрамя крам, тэатраў і рэстаранчыкаў, працуюць некалькі вельмі ўтульных гасцініц. Многія замежнікі з задавальненнем здымаюць нумары ў самым цэнтры кітайскай сталіцы, у яе гістарычнай частцы. Атмасфера тут сапраўды не параўнаецца ні з якім іншым месцам шумнага, мітуслівага Пекіна.


1 2
Спасылкі па тэме
каменціраваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040