Ланьцанцзян мае два вытокі: усходні (Дза-Чу) і заходні (Нгом-Чу). Верхняй плынёй лічыцца ўчастак ад вытокаў да тыбецкага гораду Чамдо. Даўжыня яе - 564 км. Верхняя плыня атрымлівае водныя папаўненні ад расталага снегу, дажджоў і падземных крыніц. Вышыня падзення - 1850 метраў. Пасля зліцця прытокаў у Чамдо рака атрымлівае назву Ланьцанцзян. Адсюль рака цячэ па шырокім рэчышчы, спакойна і раўнамерна. Сярэдняй плынёй лічыцца ўчастак ад Чамдо да моста Гунго ў правінцыі Юньнань. Даўжыня яго - 813,7 км. Тут рака праходзіць па высакагорных раёнах Хэндуаньшаньскага хрыбта, дзе ёсць мноства крутых цясьнін. На гэтым участку рака атрымлівае водныя папаўненні ад дажджоў і падземнай вады. Вышыня падзення - 1980 метраў. Участак ніжэй мосту Гунго лічыцца ніжняй плынёй. Даўжыня яго - 724,3 км. Тут невысокія горы суправаджаюцца шырокімі цясьнінамі і западзінамі. Водныя папаўненні пераважна ад дажджоў. Вышыня падзення - 765 метраў. Перад упадзеннем у раку прытоку Намлой рака пакідае межы Кітаю, і далей яе называюць Меконг.