Дзяржсавет КНР заклікаў да больш эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, робячы ўпор на забеспячэнне стабільных тэмпаў эканамічнага росту, паляпшэнне структуры нацыянальнай эканомікі і павышэнне дабрабыту народа.
Фінансавыя сродкі варта накіраваць на рэканструкцыю кварталаў са старым жыллём, энергазберажэнне, ахову навакольнага асяроддзя, паляпшэнне якасці дзяржаўных паслуг, гарадской інфраструктуры і стымуляванне спажывання, адзначана на пасяджэнні Дзяржсавета.
Пасяджэнне Дзяржсавета прайшло пасля таго, як на мінулым тыдні Нацыянальнае кантрольна-рэвізійнае ўпраўленне КНР прадставіла серыю дакладаў аб выніках праверкі выканання цэнтральнага бюджэту-2012 і выкарыстання іншых фінансавых сродкаў. Удзельнікі пасяджэння заклікалі своечасова выправіць парушэнні, якія былі выяўлены падчас праверкі, вярнуць прысвоеныя і выкарыстаныя не па прызначэнні бюджэтныя сродкі і выпрацаваць меры па прадухіленні падобных праблем. Таксама прагучаў заклік да цэнтральнага і мясцовых урадаў скараціць службовыя расходы на прыём і абслугоўванне прадстаўнікоў іншых арганізацый, набыццё і ўтрыманне транспарту і камандзіроўкі за мяжу.
На пасяджэнні прыняты план стварэння пілотнай зоны свабоднага гандлю ў Шанхаі. Гэта будзе першая падобная зона ў мацерыковай частцы Кітая. Удзельнікі пасяджэння ўпэўнены, што такі крок неабходны для таго, каб ісці ў нагу з найноўшымі тэндэнцыямі ў развіцці сусветнай эканомікі і гандлю. Стварэнне пілотнай зоны таксама дасць магчымасць больш ініцыятыўна і актыўна ажыццяўляць палітыку адкрытасці знешняму свету.
Таксама ўдзельнікі пасяджэння ўхвалілі праект Палажэння аб кантролі за ўездам/выездам на тэрыторыю КНР замежных грамадзян. Дакумент закліканы адыграць пазітыўную ролю ў пашырэнні знешніх сувязяў, развіцці індустрыі турызму і прыцягненні высокакваліфікаваных замежных спецыялістаў. - Р -