У гандлёвай спрэчцы па фотавальтажнай прадукцыі паміж Кітаем і ЕС дасягнуты кансенсус па цэнавым пытанні. "Большасць кітайскіх прадпрыемстваў задаволены такім рашэннем, у цэлым, фотаэлектрычныя галіна Кітая зможа захаваць 60-працэнтную долю на рынку ЕС", – заявіў кіраўнік Кітайскай гандлёвай палаты па імпарце і экспарце машынабудаўнічай і электроннай прадукцыі Чэнь Хуэйцін.
Аднак некаторыя эксперты мяркуюць, што пры адсутнасці карэнных змен з празмернасцю вытворчых магутнасцяў, індустрыя фотавальтажнай прадукцыі Кітая на працягу досыць працяглага перыяду будзе знаходзіцца на этапе паскоранага галіновага ўрэгулявання.
Чэнь Хуэйцін паведаміў, што абумоўлены бакамі ўзровень цэн не падлягае публічнай агалосцы, а пытанне пра тое, як падзяліць паміж прадпрыемствамі квоту на экспарт прадукцыі, яшчэ знаходзіцца на этапе абмеркавання.
Прадстаўнікі галіны заявілі, што пры абмежаванні на аб'ём экспарту прадукцыі канкурэнцыя паміж прадпрыемствамі стане больш жорсткай. У буйных вытворцаў знізяцца аб'ёмы экспарту, але дробным прадпрыемствам давядзецца аддаваць сваю долю на рынку.
Намеснік дырэктара дэпартамента фотаэлектрычнай прадукцыі Шэньчжэнскай інвестыцыйнай акцыянернай кампаніі электроннай прадукцыі Лян Цзюньмінь асцерагаецца, што пры абмежаванай квоце паміж айчыннымі прадпрыемствамі можа паўстаць сапраўдная бойка, у выніку якой дробныя і сярэднія прадпрыемствы застануцца ні з чым. Нават калі ім і ўдасца нешта атрымаць, гэта будзе мізэрнай доляй; прадпрыемствам будзе складана падтрымліваць сваё існаванне, ім давядзецца адмовіцца ад еўрапейскага рынку.
Зараз унутраны попыт ужо не здольны справіцца з аб'ёмам фотаэлектрычнай прадукцыі, якая вырабляецца ў краіне. У наступныя 10-20 гадоў попыт на такую прадукцыю не зменіцца, але вытворчыя магутнасці ў цэлым скароцяцца, што дасць магчымасць падтрымліваць адносны баланс паміж попытам і прапановай. Такога меркавання прытрымліваюцца спецыялісты. - Р -