Беларусь і Украіна ўстанавілі памежны знак на дзяржаўнай граніцы. Пра гэта паведаміла прэс-служба беларускага МЗС.
Цырымонія ўстаноўкі знака прайшла ў сераду ў раёне пункта стыку дзяржаўных граніц Беларусі, Украіны і Расіі "Курган Дружбы" (Добрушскі раён Гомельскай вобласці). У цырымоніі прынялі ўдзел міністры замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і Украіны Леанід Кажара, кіраўнікі пагранічных ведамстваў і кіраўнікі прыгранічных абласцей дзвюх краін.
У рамках мерапрыемства закладзена капсула з памятнай запіскай з нагоды ўстаноўкі першага памежнага знака на дзяржаўнай граніцы Беларусі і Украіны, а таксама адбыліся перамовы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін. - Р -