Рашэнне аб спыненні заняткаў у школах у сувязі з маразамі прымаецца мясцовымі органамі ўлады. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве адукацыі Беларусі.
Пры неспрыяльных умовах надвор'я (ураган, тэмпература атмасфернага паветра мінус 25 і ніжэй градусаў пры хуткасці ветру больш за 2 метры за секунду) можа быць прынята рашэнне аб часовым прыпыненні адукацыйнага працэсу ў вучняў пачатковай школы, а таксама іншых класаў, каменціруюць у міністэрстве.
Дашкольным установам у моцныя маразы рэкамендавана не ажыццяўляць прагулкі на свежым паветры. Заняткі спортам у школьнікаў у такое халоднае надвор'е таксама праводзяцца толькі ў спартзалах . У рэгіёнах Беларусі, нягледзячы на невялікія памеры краіны, тэмпературны рэжым можа вагацца ў межах 5-10 градусаў. У рэгіёнах, дзе тэмпература не апусціцца ніжэй за норму, заняткі адмяняць не будуць.
Сіноптыкі нагадваюць, што ў гэтыя выхадныя ў Беларусі чакаецца месцамі да 30 градусаў марозу. Да канца тыдня сітуацыя не зменіцца. Такі тэмпературны фон на 8-13 градусаў ніжэй за кліматычную норму. - Р -