Рыс, пшаніца і кукуруза – важнейшыя харчовыя культуры, якія вырошчваюцца ў Кітаі. А зараз да іх дадаецца і бульба, доля вытворчасці якой у апошнія гады павялічваецца.
Пра гатоўнасць садзейнічаць ператварэнню бульбы ў адну з асноўных харчовых культур заявіў у аўторак на спецыялізаваным сімпозіуме намеснік міністра сельскай гаспадаркі КНР Юй Сіньжун. Пры ўмове захавання існуючага ўзроўню пасяўных плошчаў пад рыс, пшаніцу і кукурузу, з улікам рэальных умоў у рэгіёнах будуць дамагацца пашырэння плошчаў пад бульбу да 150 млн му (1 га = 15 му) і павышэння ўраджайнасці бульбы, сказаў ён.
Тэхніка вырошчвання бульбы ў Кітаі становіцца больш дасканалай, канстатаваў у сваю чаргу кіраўнік Нацыянальнага кансультатыўнага савета па пытаннях прадуктаў харчавання і дыеты Вань Баажуй. Ён упэўнены, што бульба адпавядае патрабаванням сучасных кітайцаў у дыверсіфікацыі харчавання і забеспячэнні здаровай дыеты.
У Мінсельгасе падкрэсліваюць значэнне бульбы для забеспячэння харчовай бяспекі краіны. Да 2020 года патрэбнасць Кітая ў харчовых прадуктах, як мяркуецца, павялічыцца да 50 млн. тон, але іх забеспячэнне будзе абцяжарана абмежаванасцю ворных зямельных рэсурсаў – істотных магчымасцяў для павелічэння пасяўных плошчаў пад пшаніцу і рыс практычна ўжо няма, а ў параўнанні з гэтымі культурамі было б лягчэй вырошчваць бульбу, якая больш устойлівая да маразоў і засухі, непатрабавальная, больш эканомна расходуе вільгаць, угнаенні і хімічныя сродкі абароны, адзначылі ў ведамстве.
Вядома, што бульбу пачалі вырошчваць у Кітаі больш за 400 гадоў таму. Аднак з-за шэрагу фактараў, у тым ліку спажывецкіх звычак, яе вытворчасць у цэлым развівалася павольна, нераўнамерна і на параўнальна невысокім узроўні. - Р -