Па колькасці відаў дзікіх жывёл Кітай займае адно з першых месцаў у свеце. У Кітаі жыве больш за 2000 відаў наземных пазваночных: 1189 відаў птушак, каля 500 відаў драпежнікаў, больш за 210 відаў земнаводных і больш за 320 відаў паўзуноў. Бамбукавы мядзведзь (панда), залацістая малпа, белавусны алень, такін, белы дэльфін, кітайскі алігатар – унікальныя віды, якія сустракаюцца толькі ў Кітаі.
Каб захаваць існуючыя ў Кітаі віды дзікіх жывёл, урад краіны яшчэ ў 60-х гг. мінулага стагоддзя выдаў «Указ аб узмацненні аховы і рацыянальным выкарыстанні рэсурсаў дзікай прыроды». А пачынаючы з 80-х гадоў праца па ахове дзікіх жывёл пастаўлена на прававую аснову – распрацаваны «Лясны кодэкс», «Закон аб ахове дзікіх жывёл», «Правілы аб гаспадарчай дзейнасці запаведнікаў», складзены «Спіс дзікіх жывёл, якія знаходзяцца пад асаблівай аховай дзяржавы» і інш. Усе правінцыі таксама распрацавалі мясцовыя заканадаўчыя акты і адміністрацыйныя палажэнні. Пачынаючы з 80-х гг., Кітай далучыўся да «Канвенцыі аб абароне відавой біялагічнай разнастайнасці», «Міжнароднай канвенцыі аб гандлі знікаючымі відамі дзікіх жывёл і раслін», «Канвенцыі аб забалочаных рэгіёнах», уступіў у міжнародныя арганізацыі, якія займаюцца аховай жывёл.