Адкрыццё 2-га Міжнароднага Пекінскага кінафестывалю паказала ўсё лепшае, што ёсць на творчай сцэне Паднябеснай, а гэта, перад усім, маштабныя танцавальныя пастаноўкі, кітайская мода і дызайн, майстэрства працаваць з прасторай і святлом на сцэне. Па чырвонай дарожцы прайшлі галоўныя селебрыці кітайскай кінаіндустрыі, у асноўным, зоркі тэлесерыялаў і поп-музыкі, аднак таксама рэжысёры і артысты вялікага кіно.
Наперадзе – кінарынак, музычны форум, кіна-карнавал і цырымонія закрыцця фестывалю, падчас якой знакаміты Каралеўскі філарманічны канцэртны аркестр з Вялікабрытаніі выканае знакамітыя музычныя хіты з кінашэдэўраў свету, чым адзначыць 100-годдзе кіно і паставіць яркую творчую кропку ў гісторыі 2-га Міжнароднага Пекінскага кінафестывалю.