Раман Мышкоўскі,
карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК
Калі гавораць пра кітайскую акрабатыку, часта паўстае пытанне: а што ж у ёй такога асаблівага – у кітайскай акрабатыцы, што яна мае нават асобнае вызначэнне; розніца такая ж, як паміж кітайскай кухняй і, скажам, французскай або значна больш? У многіх крыніцах, якія апісваюць кітайскую акрабатыку, гэты від традыцыйнага кітайскага выканальніцкага мастацтва прыраўноўваецца да цырка або нават тэатра.
Падчас трэніровак у кітайскай акрабатыцы асноўная ўвага надаецца нагам і паясніцы. Мышцы жывата адыгрываюць вельмі важную ролю ў нахілах і скручванні корпуса, асабліва, калі гэта трэба рабіць у павольным тэмпе. Моцныя ногі патрэбны акрабату, каб захоўваць раўнавагу (напрыклад, падчас хады па канаце), у тым ліку і ўтрымліваючы на сабе дадатковую вагу або здзяйсняючы адначасова іншыя рухі.