У многіх тэатральных прадстаўленнях імперскай эпохі ўдзельнічалі акрабаты. У некаторых п'есах былі часткі, у якіх прымалі ўдзел толькі акрабаты. Звычайна яны выступалі пад музыку, і рабілася гэта пераважна ў антрактах, калі мянялі дэкарацыі. Урэшце гэта прывяло да стварэння жанру прадстаўленняў, у якіх было больш акрабатычных нумароў, чым песень, танцаў ці драматычнай гульні. Часта пасля таго, як завяршалася драматычная частка прадстаўлення, на сцэну выходзіла трупа акрабатаў, і на змену строгай атмасферы, што панавала да гэтага ў зале, прыходзілі шум і смех, якія «падмацоўваліся» віном.
У такіх прадстаўленнях акрабаты выконвалі розныя скачкі і сальта. Часам яны станавіліся адзін аднаму на плечы, пры гэтым акрабат, які знаходзіўся наверсе, мог жангліраваць або выконваць трукі. Сучасныя кітайскія акрабаты таксама з'яўляюцца падчас тэатральных пастановак, асабліва падчас прадстаўленняў Пекінскай оперы, там яны – абавязковы элемент. Акрабаты таксама працуюць у цырку, дзе яны ўдзельнічаюць у многіх нумарах і выконваюць шмат розных функцый: яны дапамагаюць ілюзіяністам, гуляюць ролю клоўнаў, жангліруюць рознымі прадметамі, скачуць на конях і працуюць з іншымі жывёламі.