Хрызантэма – гордая кветка, яе колер вельмі прыгожы, але духмянасць адчуваецца не адразу. Як сказана ў першакрыніцах, "мастак павінен у душы мець вобраз усёй кветкі – толькі тады ён зможа перадаць яе дух адзіноты".
Часта хрызантэмы малююць у вазах, але гэта не нацюрморт. Дарэчы, перадаць у адной карціне некалькі кветак, якія адлюстроўвалі б розныя стадыі красавання – ад бутона да цалкам раскрытай кветкі – адзін з найгалоўных фактараў у дасягненні натуральнасці.
Старыя кітайскія дапаможнікі па жывапісе ўтрымліваюць глыбокія навуковыя веды аўтараў па батаніцы, калі гаворка ідзе, напрыклад, пра жыццёвыя стадыі якой-небудзь расліны, яе асаблівасцях, або веды па хіміі, калі гаворка заходзіць пра парады мастаку ў самастойнай падрыхтоўцы пігментаў для фарбаў, ці веды па гісторыі мастацтваў краіны, калі гаворыцца пра тых ці іншых мастакоў, гістарычных асоб. І ў той жа час гэтыя старадаўнія кнігі прасякнуты паэзіяй, калі для паўнаты перадачы сутнасці аб'екта часам не хапае прымянення звычайных слоў. Трэба ўлічваць і тое, што кнігі па мастацтве на Усходзе напоўнены адмысловымі паняццямі, аналагаў якім у заходняй літаратуры і наогул у мовах не існуе. У сувязі з тым, што гэтыя паняцці з'яўляюцца асноватворнымі, то артыкулы і кнігі па мастацтве гэтых краін напісаны спецыфічнай мовай, якая становіцца зразумелай далёка не адразу.
У якасці прыкладу працытуем "Слова пра жывапіс з саду з гарчычнае зерне" 17-га стагоддзя: «Малюючы кветкі, неабходна ведаць, як варта маляваць бутоны – напаўраспушчаныя, гатовыя распусціцца ў кветкі і зусім яшчэ закрытыя. У кожнай форме – свая адметнасць. У бутонах пялёсткі растуць разам, ахапіўшы сярэдзінку кветкі, структура ўсёй кветкі звычайна ўжо змяшчаецца ў гэтай форме. У бутонах, якія павінны вось-вось раскрыцца, зялёнае лісце з абалонкі пачынае прарывацца, а першы пялёстак з'яўляецца падобна язычку маленькай птушачкі, якая збіраецца злізаць нектар з кветкі, ці падобна кулачку, з якога выстаўлены адзін палец..."