Стыль мэйхуа, як асобны напрамак жывапісу, закладзены яшчэ у часы дынастыі Тан (7-9 стст.) і канчаткова аформіўся ў пачатку дынастыі Сун (10 ст.). Перыяды праўлення дынастый Тан і Сун – гэта часы найвышэйшага росквіту кітайскай культуры. Гэта ж можна сказаць і пра кітайскі жывапіс. Вялікая папулярнасць малявання мэйхуа тлумачыцца філасофскім зместам, закладзеным у ёй, яго паэтычнай інтэрпрэтацыяй і этычнай сімволікай.
Жывапіс слівы развіваўся паралельна з жывапісам бамбуку і быў любімы паэтамі-манахамі, якія ўкладвалі ў вобразную сімволіку мэйхуа філасофскія пабудовы "Кнігі Перамен". Спалучэнне слівы і бамбуку сімвалізавала трывалую дружбу, разам з ігліцай яны стваралі вобраз узаемнай адданасці нават у сцюжу, а таксама яднанне трох вучэнняў Кітая: канфуцыянства (ігліца), будызму (бамбук) і даасізму (сліва).