Садок вішнёвы каля хаты,
Хрушчы над вішнямі гудуць,
Ратаі з ворыва ідуць,
У вёску спеў нясуць дзяўчаты –
І рады маткі іх пачуць.
Сям'я сабралася ля хаты,
Зара вячэрняя ўстае.
Дачка вячэраць падае,
Ёй маці хоча даць парады,
Дык салавейка не дае.
Паклала маці каля хаты
Маленькіх дзетачак сваіх,
Сама заснула каля іх,
Заціхла ўсё... адно дзяўчаты
Ды салавейка не заціх.
Т.Шаўчэнка, «Садок вішнёвы каля хаты...»
Дарэчы, першым з украінцаў, што звярнулі ўвагу на пачатак літаратурнага адраджэння ў Беларусі, быў менавіта Тарас Шаўчэнка. У 1839 годзе, жывучы ў Пецярбургу, ён пазнаёміўся з беларускім пісьменнікам Янам Баршчэўскім. Вакол Баршчэўскага гуртаваліся тады і іншыя беларусы – пад уплывам Баршчэўскага яны пачалі цікавіцца "ўсім беларускім" і дамовіліся выдаваць свае творы. Шаўчэнка прасіў сваіх новых сяброў пачытаць яму іх беларускія творы і настойліва пераконваў беларусаў не забывацца на сваю працу для народа. Пазней Шаўчэнка працягваў цікавіцца літаратурным адраджэннем Беларусі. Пра гэта сведчыць і той факт, што сярод падпісчыкаў на літаратурны альманах Рамуальда Падбярэзскага "Rocznik Literacki" (Пецярбург, 1843, стар. 216) у кнізе надрукавана і прозвішча ўкраінскага паэта: "Szewczenko Taras, Kobzar".
Бюст Т.Шаўчэнку ў пекінскім парку Чааян. Аўтар манумента – кітайскі скульптар Юань Сікун
200-годдзе з дня нараджэння Кабзара адсвяткавалі і ў Брэсце. Да помніка Тарасу Шаўчэнку на бульвары, які носіць яго імя, прыйшло шмат аматараў яго творчасці і сяброў Украіны. Частка іх пазней прыняла ўдзел у мерапрыемстве ў гарадской бібліятэцы.
Фота: euroradio.fm
(Р.Мышкоўскі, А.Нікалішын, МРК)