Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК
Амаль у самым сэрцы Пекіна знаходзіцца званіца Чжунлоу (Калакольная вежа), першапачаткова пабудаваная ў 1272 годзе. Пазней яна згарэла, затым была адноўлена ў 1420-м, затым згарэла зноў. У 1745 годзе імператар Цяньлун дынастыі Цін загадаў зноў адбудаваць Калакольную вежу. Будаўніцтва доўжылася два гады. На гэты раз для прадухілення пажараў вежу ўзвялі з цэглы і каменю.
Першапачаткова на званіцу пачапілі вялізны жалезны звон. Гук яго быў недастаткова гучным, таму яго замянілі такім жа масіўным бронзавым звонам, які і сёння знаходзіцца ў выдатным стане. Жалезны аднеслі на задні двор суседняй Барабаннай вежы. Там ён і знаходзіцца вось ужо больш за 500 гадоў.