Звон, разам з барабанамі на суседняй вежы, біў у пяць гадзін раніцы, абвяшчаючы тым самым пачатак дня. Затым ён званіў а сёмай вечара, заклікаючы ўсіх рыхтавацца да сну. У тыя часы людзі, пачынаючы ад высокапастаўленых генералаў і чыноўнікаў пры двары і заканчваючы простымі людзьмі, адпачывалі і працавалі ў адпаведнасці з часам, які задавалі звон і барабаны дзвюх вежаў. Трэба сказаць, што гэту сваю функцыю яны выконвалі вельмі доўга, ажно да 1924 года. Зараз існуе іншая, новая, традыцыя: штогод мэр Пекіна падчас свята Вясны ўзбіраецца на вежу і звоніць у звон, апавяшчаючы аб надыходзе Новага года па месячным календары.
Трэба сказаць, што раней звон званіў не толькі раніцай і ўвечары. У старажытным Кітаі ноч дзялілася на пяць перыядаў – гэнаў. Кожны гэн быў роўны аднаму шычэню – дзвюм гадзінам. Першы перыяд доўжыўся c сямі да дзевяці вечара. Яго называлі Сюйшы (Сабака). Людзі клаліся спаць з надыходам другога гэна, які доўжыўся з дзевяці вечара да адзінаццаці; гэты перыяд называўся Хайшы (Свіння). Сярэдзіну ночы абазначаў трэці гэн – Цзішы (Пацук), і доўжыўся ён з адзінаццаці вечара да гадзіны ночы. Чацвёрты перыяд, названы Чоўшы (Бык), наступаў з гадзіны ночы і доўжыўся да трох. Апошні, пяты гэн, Іньшы, пачынаўся ў тры ночы і заканчваўся ў пяць раніцы з надыходам новага дня.