
Раман Мышкоўскі,
карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК
Калісьці Марка Пола расказаў еўрапейцам пра фантастычную краіну, населеную загадкавымі людзьмі і незвычайнымі жывёламі. Іншымі словамі, размова ішла пра Кітай.
Кітай – дзіўны і шматгранны. Да якога б тыпу падарожнікаў вы не адносіліся, гэта краіна здольна прапанаваць вам абсалютна ўсё! Жадаеце палюбавацца на старажытныя храмы і палацы? У Кітаі іх – велізарная колькасць. Ёсць жаданне адпачыць на моры? І гэта тут – таксама не праблема. Марыце пабачыць небаскробы і адчуць подых гіганцкага мегаполіса, – вам таксама сюды.
Сёння я прапаную вам вандроўку ў маляўнічае наваколле Датуна.
Датун
Датун (Datong, 大痛) – параўнальна невялікі, па кітайскіх мерках, горад. Затое яго гісторыя налічвае больш за 2 тысячы гадоў. Датун знаходзіцца недалёка ад Вялікай Кітайскай сцяны, таму на працягу свайго існавання горад адыгрываў даволі заўважную ролю ў жыцці краіны.
Цэнтр горада
Датун – прамысловы горад і буйны цэнтр здабычы каменнага вугалю. Доўгія гружаныя саставы адпраўляюцца адсюль у цэнтральныя раёны Кітая, а мясцовыя жыхары возяць вугаль у горныя раёны і прадаюць яго сялянам. Сучасны Датун, як вугальная сталіца Кітая, не вельмі мне спадабаўся.
Гістарычны цэнтр горада знаходзіцца за 2 кіламетры на поўдзень ад чыгуначнага вакзала. На цэнтральнай плошчы – традыцыйная Барабанная вежа. Цэнтр горада калісьці быў абнесены магутнай сцяной. Сёння яна актыўна рэстаўруецца.
Паездка ў Датун задаволіць пераважна тых, хто стаміўся ад шалёнага рытму мегаполісаў і даўно марыць трапіць у невялікі горад, дзе можна адчуць спакой. Хаця... Гэта толькі для кітайцаў горад з насельніцтвам больш за 3 мільёны – маленькі. Асабіста мне ў гэтым «невялікім» горадзе было, як кажуць, не праціснуцца.
Надыходзіць вечар
Грандыёзны распродаж!
Развітваючыся з Датунам, варта адзначыць: горад гэты – сапраўдная правінцыя, і рабіць тут практычна няма чаго. А вось за горадам знаходзіцца некалькі выключных адметных мясцін, дзеля якіх мы ў Датуне нават заначуем, каб з раніцы выправіцца ў цікавую вандроўку.