Асноўныя напрамкі заканадаўчай дзейнасці Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў на 2015 год агучыў старшыня камітэта Чжан Дэцзян, які выступіў з дакладам аб рабоце структуры, якую ён узначальвае, на штогадовай сесіі УСНП. Паводле яго слоў, заканадаўчая дзейнасць ПК УСНП будзе праводзіцца па пяці прыярытэтных напрамках.
Перш за ўсё, трэба ўдасканаліць прававыя асновы сацыялістычнай рынкавай эканомікі. У прыватнасці, плануецца ўнесці карэктывы ў шэраг законаў – аб каштоўных паперах, укараненні ў вытворчасць навукова-тэхнічных дасягненняў, насенні, зямельным падрадзе на вёсцы, аб рэкламе і паскорыць працэс распрацоўкі Грамадзянскага кодэкса.
Варта зрабіць больш дасканалым заканадаўства аб палітычнай дэмакратыі, у тым ліку шляхам перагляду выбарчага закона, законаў аб мясцовых органах улады, дэпутатах і аб парадку перагляду адміністрацыйных рашэнняў.
Чакаецца распрацоўка законаў аб выпраўленні правапарушальнікаў мерамі грамадскага ўздзеяння, барацьбе з сямейным гвалтам, традыцыйнай кітайскай медыцыне і фармацэўтыцы і аб дабрачыннасці; перагляд законаў аб бяспецы прадуктаў харчавання і Таварыстве Чырвонага Крыжа, а таксама прыняцце праекта паправак да Крымінальнага кодэксу.
Яшчэ адзін напрамак звязаны з актывізацыяй заканадаўства ў культурнай, адукацыйнай і экалагічнай сферах. Заканадаўцам трэба распрацаваць законы аб забеспячэнні дзяржаўных паслуг у галіне культуры, ордэнах і ганаровых званнях КНР, унесці карэктывы ў закон аб барацьбе з забруджваннем паветра, адпаведныя прававыя акты аб адукацыі.
І, нарэшце, не менш важным напрамкам заканадаўчай дзейнасці ПК УСНП будзе распрацоўка законаў аб нацыянальнай бяспецы, барацьбе з тэрарызмам, аб кантролі над замежнымі няўрадавымі арганізацыямі, паведаміў Чжан Дэцзян. - Р -