Старшыня КНР Сі Цзіньпін сустрэўся са старшынёй Еўрапейскага савета Херманам Ван Ромпеем і старшынёй Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэлам Барозу, якія прыбылі ў Пекін для ўдзелу ў 16-й сустрэчы кіраўнікоў Кітая і ЕС.
Сі Цзіньпін адзначыў, што Кітай і ЕС застаюцца "вядучымі сіламі" для абароны міру на планеце. На 3-м пленуме ЦК КПК 18-га склікання была распрацавана комплексная праграма па ўсебаковым паглыбленні рэформ, краіна рухаецца па шляху ажыццяўлення вялікага адраджэння кітайскай нацыі. Еўрапейская інтэграцыя таксама стала марай народаў еўрапейскіх краін, якія імкнуцца да міру і росквіту. Кітай будзе і далей цвёрда падтрымліваць будаўніцтва еўрапейскай інтэграцыі. Бакі павінны дакладна вызначыць кітайска-еўрапейскія ўсебаковыя адносіны стратэгічнага партнёрства, ажыццявіць інавацыйнае развіццё ў кітайска-еўрапейскім супрацоўніцтве і ўнесці большы ўклад у забеспячэнне міру і развіцця ва ўсім свеце.
Сі Цзіньпін падкрэсліў, што Кітай і ЕС павінны ў поўнай меры выявіць ролю механізмаў сустрэч кіраўнікоў і шэрагу дыялогаў, умацаваць узаемадавер і кантакты па глабальных і рэгіянальных праблемах і сумесна забяспечыць бяспеку і стабільнасць ва ўсім свеце. Бакі павінны пашыраць гандлёвае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, садзейнічаць перамовам па інвестыцыйных дамовах, змагацца з рознымі формамі пратэкцыянізму і спрыяць развіццю сусветнай эканомікі адкрытага тыпу. Кітайскі лідар спадзяецца, што Еўропа створыць спрыяльную атмасферу для разгортвання кітайскімі прадпрыемствамі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў Еўропе. Бакі павінны распрацаваць Стратэгічную праграму для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне урбанізацыі, навукова-тэхнічнай інавацыі, авіяцыі і касманаўтыкі, садзейнічаць кітайска-еўрапейскаму супрацоўніцтву на больш высокім узроўні і ў больш шырокіх галінах.
Х.Ван Ромпей і Ж.М.Барозу адзначылі, што і Еўропа, і Кітай – важныя сілы для забеспячэння міру, бяспекі і працвітання ва ўсім свеце. За 10 гадоў пасля ўстанаўлення ўсебаковых адносін стратэгічнага партнёрства бесперапынна ўмацоўваецца іх супрацоўніцтва, яны ўжо сталі важнымі партнёрамі. Еўропа высока ацэньвае велізарныя поспехі, дасягнутыя Кітаем, падтрымлівае намаганні Кітая ва ўсебаковым паглыбленні рэформ. Еўрасаюз і Кітай павінны падтрымліваць і дапамагаць адзін аднаму. Еўропа ўдзячна кітайскаму боку за давер і падтрымку і спадзяецца ажыццяўляць дыялог з Кітаем, паглыбляць узаемадавер, пашыраць супрацоўніцтва, як мага хутчэй завяршыць перамовы па інвестыцыйнай дамове, умацоўваць кантакты ў міжнародных і рэгіянальных справах і садзейнічаць далейшаму развіццю еўрапейска-кітайскіх адносін. - Р -