Журналісты плацяць вельмі высокую цану за тое, каб прадастаўляць свету інфармацыю аб чалавечых пакутах і канфлікце ў Сірыі, гаворыцца ў дакладзе для 28-й сесіі Савета ААН па правах чалавека.
Згодна з дакладам, падрыхтаваным швейцарскай няўрадавай арганізацыяй Press Emblem Campaign (PEC), па меншай меры 75 работнікаў СМІ былі забітыя ў Сірыі з сакавіка 2011 года.
"На працягу апошніх трох гадоў Сірыя была самым небяспечным месцам для працы журналістаў", - гаворыцца ў заяве.
У ёй таксама паведамляецца, што пік забойстваў журналістаў прыйшоўся на апошнія некалькі месяцаў, калі трое журналістаў былі абезгалоўлены баявікамі экстрэмісцкай групоўкі "Ісламская дзяржава": Кэндзі Гота з Японіі, Стывен Сотлаф і Джэймс Фоўлі з ЗША.
PEC таксама згадала, што непакоіцца пра лёс прэзідэнта Сірыйскага цэнтра СМІ і свабоды слова Мазена Дарвіша, які быў затрыманы ў лютым 2012 года разам са сваімі двума калегамі Хані Аль-Зітані і Хусэйнам Гарырам, і заклікала да іх неадкладнага вызвалення.
PEC -- гэта няўрадавая арганізацыя са статусам кансультанта пры ААН. Яна была заснавана ў чэрвені 2004 года групай журналістаў з некалькіх краін з мэтай узмацнення легальнай абароны і забеспячэння бяспекі журналістаў у зонах канфліктаў, народных хваляванняў і небяспечных місій --0--