Міжнародны гісторыка-культурны турыстычны цэнтр з'явіцца на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Ён будзе здольны прыцягнуць да двух мільёнаў наведвальнікаў за год. Пра гэта паведамілі мясцовыя СМІ.
Над праектам "Брэст-2019" працуе каманда спецыялістаў з дзевяці краін. Яны правялі маштабную работу з дакументамі ў архівах, інвентарызацыю аб'ектаў на тэрыторыі крэпасці, 75% іх сёння закінуты. Пасля шэрагу дыскусій канцэпцыю захавання і развіцця цытадэлі прадставіў аўстрыйскі музейны праектыроўшчык Дытэр Богнер.
"Гэта будзе музей пад адкрытым небам, дзе можна пазнаёміцца з фартыфікацыяй 19 стагоддзя. Цытадэль сёння распавядае нам у большай ступені пра вайну. Мы прапануем стварыць там разважанні на тэму не толькі вайны, але і міру", – сказаў Дытэр Богнер, прафесар Венскага ўніверсітэта. Паводле задумы Д.Богнера, 1000-гадовая гісторыя Брэста павінна быць прадстаўлена з трох бакоў: прырода, гісторыя, культура. - Р -