Больш за сто гадоў таму ля маста Ванфуцяо ў Чэнду была закусачная, якую трымала сямейная пара Чэнь. У гаспадыні на твары былі воспінкі, чаму і замацавалася за ёй мянушка «рабая». Але яшчэ больш славілася яна сваім талентам цудоўна гатаваць доўфу. Да яго тонка нарэзаных беласнежных кавалачкаў дадавалася залацістая мясная прыправа разам з дробна нарэзаным часнаком, і ўсё гэта пасыпалася мукой з хоўтадравесніка, што давала прыемны водар. Атрымлівалася страва – пальчыкі абліжаш! З таго часу і пайшла слава гэтага кулінарнага твору, завешчанага нам цётухнай Чэнь.
Сычуаньцы ставіліся да прыгатавання ежы творча, таму багата чаго напрыдумлялі. Расказваюць, да прыкладу, што хтосьці аднойчы здагадаўся кінуць у збан да пікуляў некалькі карасікаў, якія надаюць востраму смаку яшчэ большай вастрыні. Прыправа, прыгатаваная такім чынам, называецца «перац з рыбай». Повар дадае яе да цыбулі, імбіру, часнаку, соевага соусу, солі, цукру і воцату. Атрымліваецца асаблівая катэгорыя «страў з рыбным водарам». Гурманы нахвальваюць ды здзіўляюцца: а дзе ж сама рыба?
У сычуаньскай кухні налічваецца больш за 20 спосабаў прыгатавання ежы. Але пры ўсёй іх разнастайнасці набор прыпраў, у асноўным, застаецца нязменным, мяняецца толькі зыходны прадукт. Такім чынам, адзін і той жа спосаб прыгатавання дазваляе стварыць вельмі шырокі набор страў. Узяць, да прыкладу, «падсмажаны рыс са шматочкамі мяса». Спачатку накладваюць на талерку рыс, падсмажаны да хрусткасці. Пасля дадаюць спецыяльную «вяжучую» прыправу, а да ўсяго яшчэ тоненькія шматочкі мяса. Смачна незвычайна! Замест мяса можна выкарыстаць крыветкі, і атрымаецца тады іншая страва – «падсмажаны рыс з крыветкамі». Гастранамічная гама ў яго, адпаведна, будзе іншая.