На прыкладзе аднаго скрутка хацелася б расказаць больш падрабязна і аб самой працы, і пра аўтара, бо Чжаа Мэнфу займае заслужанае месца ў пантэоне кітайскіх гістарычных асоб як чалавек рознабакова адораны: каліграф, мастак, ілюстратар кніг, літаратар і дзяржаўны дзеяч.
"Ягня і каза". Фрагмент цэнтральнай часткі скрутка
Звычайна публікуюць фота яго вельмі вядомага твора "Ягня і каза", а твор гэты, як высветлілася, складаецца з трох частак. Апрача гэтага, напрошваецца выснова, што жывапісныя скруткі, дапоўненыя надпісамі, паэмамі і пячаткамі не толькі аўтара, але і знаўцаў мастацтва або вышэйшымі чыноўнікамі, тым самым захоўваюць памяць пра тых, хто пакінуў іх на паверхні паперы або шоўку. Такім чынам, карціна – гэта ўжо амаль сумесная творчасць. Зараз скрутак "Ягня і каза" знаходзіцца ў Вашынгтоне, у галерэі "Фрыр" Смітсанаўскага інстытута. Час стварэння – прыкладна 1300 год, Чжаа Мэнфу было ўжо 46 гадоў. "Ягня і каза" – гарызантальны скрутак, выкананы тушшу на паперы. Умоўна увесь скрутак можна падзяліць на тры часткі: правую (каліграфія), цэнтральную (жывапіс) і левую (калафон).