Першым еўрапейцам, які пабачыў і апісаў залатых рыбак, быў вядомы італьянскі падарожнік Марка Пола (1254-1324). А вось як трапілі залатыя рыбкі ў Еўропу, адзінага меркавання няма. Адны называюць 1611 год і двор манархаў Партугаліі. Іншыя – толькі 1728-ы: нібыта англійскі капітан Філіп Уорд падараваў іх герцагу Рычмандскаму. У Германію залатых рыбак завезлі ў 1786 годзе. А ў 1874-м залатая рыбка з'явілася ў Амерыцы і крыху пазней – у Аўстраліі.
Самай вялікай залатой рыбкай ў гісторыі быў экземпляр даўжынёй 59 см і вагой 4,5 кг. Рэкорд працягласці жыцця залатой рыбкі – 49 гадоў, але звычайна на волі яна жыве да 20-ці, а ў акварыуме – ад шасці да васьмі гадоў.
Залатыя рыбкі хутка прывыкаюць да людзей. Ужо праз некалькі тыдняў яны перастаюць успрымаць чалавека як небяспеку, і тады іх можна карміць з рукі. Апрача дробных свавольстваў у акварыуме (напрыклад, выкопванне раслін), залатыя рыбкі паўтараюць паводзіны карасёў у заляцанні, адпужванні ворагаў і іншых "жыццёвых" сітуацыях.