Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК
"Дасягнуць паўналецця" па-кітайску – цзігуань (笄冠). Гуань – заколка на макушцы ў кітайскага мужчыны, цзі – шпілька, якая падтрымлівае прычоску паўналетняй дзяўчыны. Такім чынам, абрад першай прычоскі ў мужчын называўся гуаньлі (冠礼), а ў жанчын – цзілі (笄礼).
На галаву юнака падчас цырымоніі галаўны ўбор ускладалі тройчы. Гэта цырымонія называлася саньцзя (三加) і адбывалася ва ўзросце дваццаці гадоў.