На рэпрадукцыі – чжуан'юань (状元), пераможца дзяржаўных экзаменаў. Для палацавых мерапрыемстваў і аўдыенцый ён меў камплект параднага адзення чаафу (朝服). На галаву чыноўнік ускладаў лянцюань (梁冠), даслоўна "шапку з папярочкай". Пояс персанажа аздоблены чорным – пакуль не самы высокі ранг. А белы прадмет у яго ў руцэ – гэта адмысловая дошчачка з дрэва сафоры японскай (від акацыі), на якую заносіліся мудрыя выказванні імператара падчас аўдыенцыі. Такая дошчачка, як і шапка, і шпілька, была сімвалам паспяховай кар'еры.
Калі мы сёння гаворым пра фацзань або цзаньцзы, мы ўжо маем на ўвазе жаночыя заколкі, хоць раней асаблівага супрацьпастаўлення ў назвах не было. Шпілька стала выключна жаночым атрыбутам у часы дынастый Мін і Цін. Шпількі выраблялі з каштоўных металаў, каштоўных парод дрэва, з нефрыту, косткі, чарапашынага панцыра; іх упрыгожвалі жэмчугам, каштоўным каменнем, перламутрам, эмаллю. Зараз агульная назва прычосак са шпількамі ў кітайскай мове – фацзань паньтоў (发簪 盘头).