А наперадзе нас чакаў другі дзень, падарожжа да горных вяршыняў.
Запаведнік Ваньсяньшань, які мае дзяржаўную катэгорыю 4 а - даволі высокую па краіне, мае сваю прыгажосць. Перш за ўсё, гэта горныя вяршыні, якія ў кожным кутку зямлі дзівяць вышынёй і прывабнасцю.
Паходжанне гэтых гор мае двухмільярдную гісторыю. Калісьці яны знаходзіліся на дне мора, але потым з-за зрушэння паверхні зямлі, утварыліся скалы з чорнага і чырвонага граніту, а таксама і іншых парод. Аб назве гэтых гор - дзесяці тысяч бажаствоў існуе легенда. У ёй распавядаецца пра лёс сястры нябеснага імператара па імі Яацзы. Яна сустрэла вучонага і цудоўнага чалавека, калі спусцілася на зямлю. Смяротны так захапіў жыхарку нябёсаў, што яна закахалася і выйшла за яго замуж. Такі ўчынак Яацзы парушыў правілы жыхароў неба і вельмі раззлаваў яе брата. Да таго ж, яна неўзабаве стала маці, нарадзіла сына. За гэта нябесны імператар пакараў сястру і змясціў яе ў палон пад горы. Праз 15 гадоў сын Яацзы вырас. Ён авалодаў майстэрствам баявых мастацтваў кунфу, набраўся мужнасці і энергіі, каб выратаваць сваю маці. Але нябесны імператар адправіў на бітву з пляменнікам Чэньсянам сваіх байцоў. Аднак нябесныя ваяры былі ўзрушаныя жаданнем і мужнасцю хлопчыка выратаваць сваю маці і вызваліць яе з палону гор. Таму яны не сталі змагацца з Чэньсянам. Хлопчык, у рэшце рэшт, выратаваў сваю маці. Гэтыя падзеі адбываліся ў гарах Ваньсяньшань.