Хтосьці маляваў жыхароў, хтосьці маляваў галінкі дрэў і птушак - тыповыя для кітайскага жывапісу матывы. Дарэчы, з фарбамі і алоўкамі, тушшу і мальбертам можна было сустрэць людзей рознага ўзросту. У вёсцы Галян, дзе здымаліся шматлікія мастацкія фільмы, я сустрэла мастака, які маляваў дамы. У чорных абрысах на белай рысавай паперы чыталіся прыгожыя лініі архітэктуры, што зліваюцца з сілай гор.
«Маё імя Вань Цэюй. Я - намеснік асацыяцыі мастакоў раёна Цзіенхэ горада Гуанчжоу», - распавядае мой новы знаёмы і працягвае ...
- Я раней займаўся выкладаннем. Я прыехаў сюды разам са студэнтамі мастацкага інстытута горада Гуанчжоу, правінцыі Гуандун, каб павысіць сваё майстэрства. Прызнаюся, усе мастакі мараць пабываць у гэтых краях. Таму што тут – на дзіва прыгожае і знакавае месца, асаблівае для кітайскай нацыі, дзе ярка праяўляецца дух гор Тайхан. Гэтыя горы для мяне - сімвал кітайскага народа. Гуанчжоускі мастацкі інстытут стварыў тут базу для заняткаў жывапісам. Штогод на месяц студэнты і выкладчыкі прыязджаюць сюды на пленэры, вучыцца маляваць з натуры. Мы зараз знаходзімся ў вёсцы Галян, у якой здымалася шмат фільмаў. Тут жывуць людзі, якія ўвабралі характар гор Тайхан. Дзякуючы спалучэнню гэтай архітэктуры, таму, як яны будавалі хаты, што знаходзяцца на розных ярусах ў гарах, можна адчуць дух гэтых людзей. Прамыя будынкі і вежы сімвалізуюць чысціню і сілу іх душы. Мы вельмі паважаем жыхароў гэтых месцаў.